Экспазіцыя «На досвітку цывілізацыі» - самая маленькая, але самая старажытная. Некалькі стагоддзяў налічваюць гаспадарчыя і баявыя сякеры, скрэбла, камень для драблення касцей, зерняцёрка, што размешчаны ў дадзеным раздзеле. Усе гэтыя рэчы былі знойдзены вучнямі, настаўнікамі і мясцовымі жыхарамі ў вёсцы Вышамір і на тэрыторыі суседніх населеных пунктаў.
Першыя археалагічныя эксперыменты былі праведзены ў ваколіцах невялікага ляснога астраўка Поруб. Землі вакол Поруба раней былі забалочаныя. Да лесу прымыкалі балоты: Чэратава, Цёсанае, Пажаркі, Тарфянкі. Але з усходняга боку Поруба пасля асушэння балот ёсць невялікая ўзвышаннасць– Раманава. Вось на гэтым полі, у час пасадкі бульбы, была некалі знойдзена каменная свідраваная сякера эпохі бронзавага веку. Яна зашліфавана па ўсей паверхні, апрацавана вельмі дасканала. У цэнтры прасвідравана адтуліна, на некалькі міліметраў меншая з аднаго боку, а з другога боку - большая. Гэта сякера рамбічнай формы з усечанай абушковай часткай.
Таксама тут прадстаўлена вялікая колькасць крэмневых рэштак – асноўнага матэрыялу для вырабу прылад працы ў старажытнасці. У ваколіцах аграгарадка Вышамір шмат знаходак крэмнію. А гэта пацвярджае гіпотэзу, што людзі сапраўды маглі тут жыць ужо ў перыяд каменнага і бронзавага вякоў.
Агляд прадметаў з экспазіцыі па спасылкам “Каменны летапіс нашых продкаў”, "Скрэбла", "Каменная сякера", "Зерняцёрка", "Обзорная экскурсия по экспозиции"