Экспазіцыя «Вялікая Айчынная вайна» вучыць наша пакаленне не толькі шанаваць мірнае неба, не забываць аб ваенным мінулым, але і ніколі не дапусціць такой памылкі ў будучым. У дадзеным раздзеле музея прадстаўлены фотаздымкі ўдзельнікаў вайны, некаторыя асабістыя рэчы, рэшткі зброі, успаміны ветэранаў, удзельнікаў вайны і іх родных.
У экспазіцыі прадстаўлена інфармацыя пра тых Герояў Савецкага Саюза, якіх лёс звязаў з гісторыяй тэрыторыі Вышамірскага сельскага Савета. Апарын Максім, па звестках мясцовых жыхароў, быў забіты на тэрыторыі в. Вышамір і пахаваны недалёка ад сучасных вышамірскіх могілак. Гэтыя звесткі да нашых дзён удакладняюцца. Міхайлаў Мікалай і Барыс Царыкаў загінулі, вызваляючы тэрыторыю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў каля урочышча Вадзяное. Пахаваны былі на Лоеўшчыне. Тачмамед Ніязмамедаў – Герой Савецкага Саюза, пахаваны ў брацкай магіле вёскі Вышамір. Леўчанка Аляксандр – здзейсніў свой подзвіг каля вёскі Ганчароў Падзел – гэта ваколіца вёскі Вышамір.
Найбольшую каштоўнасць і інтарэс у экспазіцыі маюць наступныя экспанаты: фотаздымкі ўдзельнікаў вайны, іх успаміны, некаторыя асабістыя рэчы, падарункі школьнаму музею (нагрудны памятны знак 106 Дняпроўска-Забайкальскай дывізіі, сувенірны медальён “Хатынь”, сувенірны медаль “40 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” і іншыя).
Штогод у школьны музей наведваюцца родныя салдат, загінуўшых на тэрыторыі Вышамірскага сельскага Савета. Музей дапаўняецца новымі матэрыяламі. Нядаўна Летапіс славы народнай дапоўніўся звесткамі пра воіна Чырвонай Арміі Гаўрылава Рыгора, якога раней лічылі без звестак знікшым. Акрамя таго, мясцовыя жыхары часта перадаюць у музей рэчы родных салдат. Маюцца і выпадковыя знаходкі. Напрыклад, у гэтым годзе мясцовыя жыхары перадалі ў музей нямецкую манету 1940 года і медальён, якія знайшлі ў ваколіцах вёскі.
У экспазіцыі змяшчаюцца альбомы аб мужных вызваленцах ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, вядзецца Кніга памяці Вялікай Айчыннай вайны.
На жаль, на тэрыторыі вёскі Вышамір ужо не засталося жывых ветэранаў, аднак школьны музей на доўгія гады захавае памяць аб іх і тых жудасных ваенных гадах, якія яны зведалі.
Больш інфармацыі пра экспазіцыю можна знайсці ў вдэароліках “Навечна ў памяці народнай”, “Роля школьнага музея ў захаванні памяці пра вайну”, “Тачмамед Ніязмамедаў – Герой Савецкага Саюза”, “У лістападзе 1943 года (пра вызваленне тэрыторыі Вышамірскага сельскага Савета)”, “Нашы землякі, якія служылі на фронце”, “Салдаты, якія загінулі падчас вызвалення тэрыторыі Вышамірскага сельскага Савета”, “Вялікая Перамога і нашчадкі яе”, "Гісторыя аднаго музейнага прадмета. Салдацкі кубак", "Гісторыя аднаго музейнага прадмета. Пасведчанне партызана" і іншыя.
Экспозиция "Великая Отечественная война" https://s3-minsk.cloud.mts.by/datastorage/vyeshemir/library/Экспозиция_Великая_Отечественная_война_Вышемирский_дссш.pdf